ул. Советская, 29| +375 1594 46-8-85 +375 1594 46-8-06| vorrmc@grodno-region.by

ГУК «Вороновский районный центр культуры и народного творчества»

 

"Традыцыйныя ткацкiя тэхнiri вырабу каляровых узорных посцiлак i дываноў аг. Пагародна Гродзенскай вобласцi"

Традыцыйныя ткацкія тэхнікі вырабу каляровых узорных посцілак і дываноў аг. Пагародна Воранаўскага района, катэгорыя А, шыфр 43АК000121, уключаны ў Дзяржаўны спіс у 2019 годзе;
Ткацтва – адно з найстаражытнейшых рамёстваў Беларусі, вытворчасць тканіны на кроснах. Для аграгарадка Пагародна Воранаўскага раёна характэрна узорнае ткацтва, якое характэрызуецца шырокім выкарыстаннем узораў, насычанасцю каляровай гамы і каларытам. Працэс узорнага ткацтва ўключае наступныя этапы:  снаванне асновы, запраўка кроснаў, ткацтва вырабу. Для ткацтва выкарыстоўваюцца кросны, якія дасталіся ў спадчыну ад старэйшых носьбітаў мясцовых ткацкіх традыцый. Сярод тканых вырабаў асаблівая ўвага надаецца дыванам і посцілкам. За бясспрэчнай мастацкай вартасцю пагародзенскіх тэкстыльных вырабаў стаіць бясцэнны вопыт многіх пакаленняў ткачых.
Дзякуючы выяўленню разнастайнасці тэхнік пагародненскага ткацтва, актуалізацыі тэхналогіі і папулярызацыі мастацкага рамяства, узорныя тканіны ручной вытворчасці занімаюць належнае месца ў культуры рэгіёну, як адметная з’ява. Тэкстыльныя вырабы, аналагічныя па форме традыцыйным, і ў будучым захаваюць сваю ролю ў побытавай прасторы жылля, у рытуальных дзеяннях (вяселле, пахаванне).
На аснове разнастайных ткацкіх тэхнік, захаваўшыхся ў аг. Пагародна, адбываецца развіццё ткацкіх традыцый, распрацоўка і стварэнне сучасных вырабаў у этнастылі для аздаблення жылля, інтэр’еру грамадскіх памяшканняў, аграсядзібаў, месцаў грамадскага харчавання і забаваў (кафэ, бараў, інш.).
Калекцыя тканых вырабаў – копій традыцыйных, сучасных, з’яўляецца культурнай візіткай аг. Пагародна, садзейнічае культурнаму абмену з іншымі рэгіёнамі падчас кірмашоў, выстаўкаў, фэстаў. Напрыклад: удзел з майстар-класам на фестывалі народнага гумару «Аўцюкі – 2021», удзел з майстар-класам у рэспубліканскім свяце “Купалье” “Александрыя збірае сяброў”, удзел з майстар-класам у абласным фестывалі традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны”, удзел з майстар-класам на святочным мерапрыемстве, прысвечаным Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, удзел з майстар-класам у Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” 2022 год, свята рамёстваў “Сувязь часоў”, нядзеля традыцыйнай культуры “Ад даўніны да нашых дзён”, этна-праект “Школа народных традыцый”, свята “На кірмаш у Пагародна”, рэгіянальнае свята народнай творчасці “Ад прадзіва да ткацтва”, экспедыцыя Рэспубліканскай выстаўкі “Нематэрыяльная культурная спадчына Беларусі”. Пашырэнне дзейнасці студыі “Школа ткацтва” ў аг. Пагародна.
    З мэтай выключэння магчымасці страты элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны філіялам «Пагародзенскі цэнтр культуры і народнай творчасці» прымаюцца меры па павялічэнню колькасці носьбітай традыцыйных ткацкіх тэхнік вырабу каляровых узорных посцілак і дываноў. Ў філіяле працуе студыя “Школа ткацтва”.  Асаблівая ўвага надаецца маладому пакаленню. Так, сярод носьбітаў элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны ёсць маладыя людзі ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў – 4 чалавека. Да ўзорнага ткацтва таксама далучаюць дзяцей. Напрыклад: майстар-класы для дзяцей: “Сцежкамі продкаў”, “Той ручнік, што маці вышывала”, “У бабуліным куфры”, “І тчэ забыўшыся рука”, “Дыван маёй бабулі” у пакоі-музеі “Тут Радзімы маёй пачатак” філіял “Пагародзенскі цэнтр культуры і народнай творчасці”.

Даведка аб творчай дзейнасці майстра па ткацтве Ладыш Анжэлы Аляксандраўны з аг. Пагародна Гродзенскай вобласці

Ладыш Анжэла Аляксандраўна – майстар народных промыслаў, на працягу 15 гадоў з’яўляецца нязменным кіраўніком гуртка “Остров вдохновения” і амаль столькі ж гадоў пад яе кіраўніцтвам працуе студыя “Школа ткацтва” ў Пагародзенскім цэнтры культуры і народнай творчасці. З’яўляецца носьбітам элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Традыцыйныя ткацкія тэхнікі вырабу шматколерных посцілак і дываноў у аг. Пагародна Воранаўскага раёна”, занесенага ў 2018 годзе ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Анжэла Аляксандраўна нарадзілася 06 студзеня 1972 года ў вёсцы Беняконі Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці, дзе атрымала сярэднюю адукацыю. Пасля паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў. Пасля яго заканчэння Анжэла Ладыш была накіравана на працу ў Дом культуры вёскі Даўгялы Воранаўскага раёна, а затым у аг. Пагародна. Больш за 30 гадоў майстар адданая сваёй справе: шчыра працуе на культурнай ніве і беражліва працягвае традыцыі продкаў.

Першыя навыкі ткацтва Ладыш А.А. атрымала ад народнага майстра Міхно Станіславы Вікенцьеўны (1932-2022), якая ў свой час дапамагала развіваць старажытнае рамяство ў аг. Пагародна і працавала майстрам народных промыслаў. Пасля ўстойлівага і дасканалага засваення традыцыйнай тэхнікі ўзорнага ткацтва Анжэла Аляксандраўна пачала выкарыстоўваць у сваіх работах індывідуальныя формы і ўзоры.

Творчасць Анжэлы Аляксандраўны добра вядома многім не толькі на Воранаўшчыне, але і далёка за яе межамі. Ладыш А.А. – пастаянны ўдзельнік раённых, абласных, рэспубліканскіх мерапрыемстваў, на якіх можна не толькі палюбавацца прыгажосцю тканых вырабаў, але і павучыцца рамяству на майстар-класах. У кожную сваю працу Анжэла Аляксандраўна ўкладае ўсё сваё ўменне, руплівасць і часцінку душы.

А.А. Ладыш прымала ўдзел у такіх мерапрыемствах, як:  рэгіянальнае свята-кірмаш вырабаў рамеснікаў “Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня” (г. Гродна, 2019 г., 2022 г.), абласныя “Дажынкі-2019” (г. Смаргонь), рэспубліканскае свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”) (аг. Александрыя Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці, 2021 г.), рэспубліканскі фестываль народнага гумару “Аўцюкі-2021” (аг. Малыя Аўцюкі Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці). Дэманструючы працу за кроснамі, Анжэла Аляксандраўна знаёміла шматлікіх гасцей з народным рамяством сваёй мясцовасці. Два разы пераемніца народнага майстра наведала міжнародны фестываль “Славянскі базар у Віцебску” (г. Віцебск, 2022 г., 2023 г.), дзе прадставіла не толькі свае навыкі ў ткацтве, але і адлюстравала багатую культурную спадчыну Воранаўскага раёна.

Увогуле, Анжэла Аляксандраўна не пакідае без увагі святы і фестывалі, якія праходзяць як на Гродзеншчыне, так і на тэрыторыі ўсёй краіны: рэгіянальнага свята народнай творчасці “Ад прадзіва да ткацтва”    (г. Гродна, 2023 г.), першы абласны літаратурна-краязнаўчы форум “Воранаўскія чытанні” (г.п. Воранава, 2023 г.), Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур (г. Гродна, 2024 г.), “Гудзевіцкі тэкстыльны фэст” (аг. Гудзевічы Мастоўскага раёна, 2024 г.), рэгіянальны фестываль традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны” (г. Гродна, 2024 г.), “Марафон адзінства” (г. Ліда, 2025 г.), святкаванне 85-годдзя Воранаўскага раёна (г.п. Воранава, 2025 г.) і інш. Майстар ахвотна праводзіць майстар-класы па ткацтве, актыўна транслюе і папулярызуе веды аб народных рамёствах, далучае маладое пакаленне да ўдзелу ў культурным жыцці роднага краю.

На працягу 13 гадоў А.А. Ладыш праводзіць майстар-класы па ткацтве для ўсіх жадаючых у пакоі-музеі “Тут Радзімы маёй пачатак” у Пагародзенскім цэнтры культуры і народнай творчасці. Вялікім попытам у гасцей Воранаўскага раёна сёння карыстаецца турыстычны маршрут “Дарогаю продкаў” з удзелам Анжэлы Аляксандраўны. Захапленне сваёй справай і прафесіяналізм майстра натхняе многіх на актыўны ўдзел ў захаванні і распаўсюджванні культурнай спадчыны.

А.А. Ладыш была госцем тэлеперадачы “Окна города. Традиционное художественное мастерство – ткачество” (2024 г.), з’яўляецца ўдзельнікам праекта “Хит белорусской кухни. ПУТЁВКА BY” (2024 г.) і “Як ствараюць унікальныя дываны на Гродзеншчыне” (2019 г.) на канале СТБ. Дзейнасць майстра была адзначана Ганаровай граматай упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама (2022 г.), пасведчаннем аб занясенні на раённую Дошку гонару (2023 г.), падзякай за ўдзел у свяце “Гудзевіцкі тэкстыльны фэст” сектара культуры Мастоўскага райвыканкама (2024 г.), дыпломам за актыўны ўдзел у заключных мерапрыемствах ХIV Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур (2024 г.).

За сваю працаздольнасць, добразычлівасць і творчую энергію Ладыш А.А. карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і павагай сярод калег па працы і работнікаў культуры раёна.

Прокрутить вверх
Мы используем cookie-файлы для наилучшего представления нашего сайта. Продолжая использовать этот сайт, вы соглашаетесь с использованием cookie-файлов.
Принять
Отказаться