ул. Советская, 29| +375 1594 46-8-85 +375 1594 46-8-06| vorrmc@grodno-region.by

ГУК «Вороновский районный центр культуры и народного творчества»

 

"Традыцыi свята"Тры каралi" Гродзенскай вобласцi"

   У гэты дзень вернікам каталіцкай традыцыі забаронена працаваць. Перш неабходна прыняць удзел у Святой імшы і асвяціць крэйду, якой вернікі традыцыйна пазначаюць уваходныя дзверы сваіх дамоў крыжыкамі і вялікімі літарамі імён трох Каралёў – «К+М+Б», а таксама годам ад Нараджэння Хрыста. Гэты надпіс лічыцца моцным ахоўным абярэгам ад хваробаў і бедаў. Пасля святой імшы гатуецца святочная ежа, накрываюцца сталы, збіраюцца госці, а бліжэй к вечару па хатах пачынаюць хадзіць “Тры Каралі”. На Воранаўшчыне ў Трох Каралёў прыбіраліся толькі пабожныя мужчыны, якія добра спявалі, па-гэтаму, часта хадзілі тыя, хто спяваў на пахаваннях па нябожчыках, прыслужваў пры касцёле. Адметна і тое, што пасля прыходу Трох Каралёў моладзь варажыла. Калі ў сям’і была маладая дзяўчына, Тры Каралі прапаноўвалі ёй паваражыць на суджанага: дзяўчына клала на парог кавалкі пірага, на кожны кавалак загадвала імя суджанага. Затым упускалі ў хату сабаку, які кавалак яна хапала, той будзе суджаным. Было такое, што сабака не ела ніаднаго кавалка. Тады казалі, што дзяўчына пойдзе замуж у чужую старану. Некаторыя гаспадары накрывалі стол і частавалі Трох Каралёў, іншыя – давалі пачастункі з сабой – печыва, пірагі, цукеркі, дробныя грошы.  У Воранаўскім раёне сабраныя дары адносілі ў касцёл, альбо раздавалі бедным, жабракам ці па ўспамінах Аксіновіча Вальдэмара Францавіча, 28.10.1931 г.н., вёска Гаранцы Воранаўскага раёна: “Прыходзілі трое, гадоў 30, бумажныя штаны, пінжакі красна-жоўтыя, звязда на палцы. У нас начавалі пасля абраду, бо былі дальнія родственнікі мамы. Песню спявалі “Вэсола навіна, браце слухайце, небесна дзеціна, такжэ вітайце”. Усю вёску абышлі, в следуюшчую пайшлі. Адзін раз запомніў. Звязда шырокая, бальшая. У парозе сталі і пачалі спяваць святыя песні: “…Вэсолы дзень настаў”. Бралі кошык з яйкамі, частавалі гаспадары. Адзеты былі вельмі пенкна: у каронах і блішчастых накідках. Заходзячы ў хату, прадстаўляліся: Каспер, Мельхіёр і Бальтазар. Затым спявалі касцёльныя калядныя песні, гаварылі віншаванкі. Яны былі не тутэйшыя”.  Сёння, традыцыйна, у ролі трох Каралёў выступаюць маладыя мужчыны ад 20 да 40 гадоў, якія выконваюць песні рэлігійнага характару, выказваюць пажаданні дабрабыту на цэлы год.
   Тры Каралі прыбіраюцца ў накідкі чырвонага, сіняга, зялёнага колеру, а на галовы ўкладаюць блішчастыя кароны. На Воранаўшчыне адзін з мужчын пэцкае сабе твар чорнай сажай, так як, па павер’і, адзін з трох Каралёў быў чорнатварным. Удзельнікі апранаюцца такім чынам толькі адзін раз на год, 6 студзеня, таму яны спецыяльна да святочнага дня штогод аднаўляюць святочнае ўбранне.  Меры і рэкамендацыі, якія прапануюцца для найлепшага захавання жыццядзейнасці элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны, каб ён не знік у будучым: для далейшага захавання і развіцця жыццядзейнасці элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Традыцыя правядзення абраду “Тры Каралі” на Воранаўшчыне будзе ўдасканальвацца сістэма даследвання, пераемнасці і папулярызацыі мясцовай абрадавай традыцыі дзякуючы агульным намаганням спецыялістаў раёна.
Запланавана штогадовае далучэнне мясцовых жыхароў аграгарадка Больцішкі Воранаўскага раёна. Запланаваны шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на падтрымку і папулярызацыю элемента:

  •  заахвочванне (у тым ліку матэрыяльна) носьбітаў і пераемнікаў нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці, якія спрыяюць захаванню элемента;
  • размяшчэнне тэматычных стэндаў;
  • распрацоўка рол-апаў, білбордаў;
  •  запіс відэафільмаў сумесна з праектам тэлеканала Беларусь 3 “Жывая спадчына”, рэдакцыяй «ЛидаМедиаКомпания», тэлерадыёкампаніяй “Гродна”.
Прокрутить вверх
Мы используем cookie-файлы для наилучшего представления нашего сайта. Продолжая использовать этот сайт, вы соглашаетесь с использованием cookie-файлов.
Принять
Отказаться